У нашых вытоках – наша сіла і ўнікальнасць!
+375 (17) 321-24-80
history@menka.by
Facebook Facebook
    
  • 
  • 
  • 
  • 
  • 
  • 
  • 
  • 
  • 
  • 

Выстава

Выстава“Гандаль Беларусі на шалях гісторыі” стала плёнам сумеснай працы Цэнтра вывучэння гісторыі гандлю кампаніі “Менка” і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Дадзены выставачны праект рэалізаваны пры падтрымцы Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь і кампаніі JTI (Japan Tobacco International)

Выстава ўпершыню ў гісторыі беларускай музейнай справы асвятляе такі звыклы і адначасова маладаследаваны від чалавечай дзейнасці як гандаль. Арганізатары і стваральнікі выставы ставілі сабе за мэту паказаць асноўныя этапы развіцця гандлю ў Беларусі, яго выключную ролю ў эканамічным, культурным развіцці нашай краіны, у наладжванні міжнародных кантактаў, а таксама звярнуць увагу на непарыўную сувязь гандлёвай дзейнасці з дабрабытам людзей, сацыяльнай стабільнасцю беларускага грамадства.

У экспазіцыі вылучаны чатыры раздзелы, якія адпавядаюць пэўным гістарычным перыядам. Яны адлюстроўваюць вытокі гандлю на старажытнабеларускіх землях, асаблівасці яго развіцця ў часы панавання натуральнай гаспадаркі, уплыў на развіццё гандлю працэсаў фармавання рынкавых капіталістычных адносінаў, поўны кантроль дзяржавы за сістэмай гандлю ў савецкі час.

Асноўная ўвага на выставе нададзена рознічнаму гандлю. Гэта і не дзіўна, бо менавіта з ім на працягу свайго жыцця шматкроць сустракаецца кожны чалавек. Таму развіццё гандлю паказваецца праз яго непасрэдных удзельнікаў: гандляроў і пакупнікоў. Наведнікі выставы змогуць паставіць сябе на іх месца і паспрабаваць адшукаць адказы на шматлікія пытанні. Якія здольнасці, навыкі, рысы характару павінен быў мець гандляр, каб паспяхова займацца сваёй дзейнасцю? Чаго сярод іх было болей: майстэрства, працавітасці ці можа ўмення падманваць? Якія патрэбы і якія патрабаванні былі ў пакупніка розных эпох, што ім рухала пры выбары тавару, як на яго рашэнні ўплывалі мода, стыль, нават грамадская думка пэўнай эпохі? Запатрабаванні пакупнікоў заўсёды ўплывалі на дзейнасць гандляроў, але і тыя ў сваю чаргу імкнуліся ўздзейнічаць на жаданні кліентаў. На сустрэчы гэтых імпульсаў узнікалі тэндэнцыі, мода і стыль кожнай эпохі.

Асаблівасць тэмы выставы ў тым, што практычна любая рэч можа стаць таварам. Гэта прымушала стваральнікаў паказу адбіраць з музейных прадметаў тыя, што найбольш выразна характарызавалі пэўны перыяд. Мастацкія сродкі, ужытыя пры стварэнні выставы, дазволілі прадставіць найбольш адметныя віды гандлю той ці іншай эпохі, стварылі ўнікальныя мастацкія вобразы працаўнікоў гандлю.

У стварэнні выставы прымалі ўдзел:

1. кіраўнік праекта – намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Н.У. Калымага;
2. навуковыя кансультанты:

— навуковы кіраўнік праекта “Гісторыя гандлю ў Беларусі” прафесар, доктар гістарычных навук З.В. Шыбека;
— кіраўнік Цэнтра вывучэння гісторыі гандлю кампаніі “Менка”, магістр даследавання спадчыны Р.А. Бягун;
— куратар праекта – старшы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыйна-выставачнай работы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь В.В. Каралёнак-Ягадка;
— аўтар мастацкай канцэпцыі – сябра ГА “Беларускі саюз дызайнераў” Т.А. Голубева;
— рэстаўратар – загадчык аддзела рэстаўрацыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь А.А. Хільман.

Свае экспанаты і дакументы для выставы прадставілі: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей гісторыі горада Мінска, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, прыватныя калекцыянеры.
Навуковую дапамогу ў падрыхтоўцы выставы аказалі кансультанты Цэнтра вывучэння гісторыі гандлю: доктар гістарычных навук Ю.М. Бохан, кандыдаты гістарычных навук А.Ф. Вялікі, А.І. Дзярновіч, М.М. Крывальцэвіч, доктар гісторыі І.С. Кашталян.

Выстава размяшчаецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь па адрасе г. Мінск, вул. К.Марска, 12 і будзе працаваць да студзеня 2017 года.

Кантакты музея:
http://histmuseum.by/
+375 17 3273665
+375 17 3274827
+375 17 3274322
histmuseum@histmuseum.by

Спампаваць буклет выставы