У нашых вытоках – наша сіла і ўнікальнасць!
+375 (17) 321-24-80
history@menka.by
Facebook Facebook

Кірмаш

Мінскі кантрактовы кірмаш

У 2016 годзе супрацоўнікамі Цэнтра вывучэння гісторыі гандлю была распрацавана канцэпцыя адраджэння ў Мінску кірмаша як мастацка-гістарычнага свята.

Мінск з’яўляецца адным з найстаражытнейшых гарадоў Усходняй Еўропы, горадам багацейшай гісторыі, культурнай спадчыны. Дзе як не тут, у цэнтры беларускай дзяржавы, трэба звяртацца да сваёй мінуўшчыны, каб абудзіць у душах людзей гонар, павагу і любоў да сваёй Радзімы, спадчыны продкаў? Адным з прыярытэтных напрамкаў свайго развіцця г Мінск павінен выбраць турызм, фарміраванне сучаснага, высокаэфектыўнага, канкурэнтназдольнага комплексу турыстычных паслуг, часткай якога можа стаць адраджэнне старадаўняга кантрактовага кірмашу. Гэтую прапанову можна датасаваць і да распрацоўкі гісторыка-культурнай праграмы, якая б з’явілася працягам працы па адраджэнню і захаванню культурнай і духоўнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Кантрактовыя кірмашы мінулых стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю і ўяўлялі сабой святочны гандаль з мэтай заключэння або ўзнаўлення кантрактаў на продаж, здачу ў заклад і арэнду нерухомай маёмасці, аптовага і рознічнага продажу тавараў мясцовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У канцы 18 – пачатку 19 ст. кантрактовыя кірмашы наладжваліся шляхтай у Мінску, Зельве, Свіслачы, Нясвіжы, Кобрыне, Парычах, Навагрудку, Мазыры, Бешанковічах, Гомелі і інш. Прымяркоўваліся кантрактовыя кірмашы да датаў хрысціянскага каляндара, адкуль і атрымалі назвы (Траецкі, Пакроўскі, Анненскі, Спасаўскі і інш.). На гэтыя кірмашы з’язджаліся людзі з блізкіх і далёкіх зямель каб умацаваць дзелавыя і сяброўскія зносіны, набыць новыя веды і ўражанні, пабачыць новыя мясціны, задаволіць свае матэрыяльныя і духоўны патрэбы.

Такім чынам, правядзенне кірамшоў і далейшае развіццё, удасканаленне кірмашовай культуры ў г. Мінску мае пад сабой палітычны, сацыяльна-эканамічны і культурна-гістарычны падмурак. Кантрактовы кірмаш будзе садзейнічаць задавальненню спажывецкіх і эстэтычных запатрабаванняў жыхароў і гасцей беларускай сталіцы, выхаванню патрыятызма, любові да роднага края, папулярызацыі ведаў аб старадаўняй гісторыі і культуры Беларусі, прыцягне ўвагу беларускіх і замежных арганізацый, устаноў і асобных людзей да г. Мінска як да значнага турыстычнага цэнтра. У арганізацыі і правядзенні кірмаша могуць быць зацікаўлены Мінгарвыканкам, Міністэрства гандлю, Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, а таксама установы адпаведнага профілю, у тым ліку: аддзелы народнай адукацыі, установы культуры і мастацтва; прыватныя фірмы, арганізацыі грамадскага харчавання, выставачныя кампаніі, грамадскія аб’яднанні.

Аўтары канцэпцыі кантрактовага кірмаша вызначылі для будучых арганізатараў наступныя задачы:
1. падтрымаць рух па рэканструкцыі кірмашовых традыцый Беларусі і кірмашовай культуры ў цэлым;
2. пазнаёміць жыхароў і гасцей горада з традыцыйнымі і сучаснымі беларускімі кірмашовымі гандлёвымі, гандлёва-гульнёвымі, відовішчнымі і масава-гульнёвымі дзеямі;
3. паспрыяць падвышэнню прадпрыймальніцкай актыўнасці, стварыць ўмовы для мэтанакіраванага планавання кантрактовых пагадненняў паміж прыватнымі і дзяржаўнымі арганізацыямі;
4. папулярызаваць веды па гісторыі і культуры Беларусі.