У нашых вытоках – наша сіла і ўнікальнасць!
+375 (17) 321-24-80
history@menka.by
Facebook Facebook

Манаграфія

Важнейшай часткай навуковага праекта “Гісторыя гандлю ў Беларусі” з’яўляецца праца па стварэнні калектыўнай манаграфіі па гісторыі рознічнага гандлю ў Беларусі ад яго ўзнікнення да канца ХХ ст. На аснове гістарычных крыніц мы спрабуем аднавіць страчаныя або забытыя каштоўнасці, дасягнутыя вынікі і поспехі айчыннага гандлю. Зрабіць гэта – значыць, на нашу думку, даць сучаснаму бізнэсу ўнікальныя сродкі для дасягнення поспеху.

Гісторыя рознічнага гандлю доўгі час была занядбанай тэмай для айчыннай гістарыяграфіі. Пры савецкай уладзе гісторыя гандлю ў Беларусі ніколі не лічылася прыярытэтнай тэмай. На першае месца савецкія гісторыкі павінны былі ставіць вывучэнне прамысловасці, якая спараджала пралетарыят – сацыяльную апору ўлады бальшавікоў. З вялікай доляй упэўненасці можна сцвярджаць, што і ў сусветнай гістарыяграфіі большасць даследаванняў прысвечаны буйному гандлю: аналізу гандлёвых сувязей (імпарт-экспарт) і ўнутранага аптовага тавараабарота. Спецыяльныя акадэмічныя даследаванні рознічнага гандлю практычна нідзе і нікім не праводзіліся.

Рознічны гандаль уяўляе сабой своеасаблівае люстэрка дабрабыту грамадзян той ці іншай дзяржавы ў пэўныя моманты часу. Рознічным гандлем вымяраецца ўзровень спажывання, ступень гаспадарчай актыўнасці, прывабнасць ды імідж той ці іншай краіны. Рознічны гандаль вызначае стандарты спажывання, новыя моды, стварае новыя паслугі і тавары. З іншага боку, у грамадства няма іншых магчымасцяў уплыву на эканоміку і эканамічную палітыку дзяржавы, як толькі праз удзел у рознічным гандалі. Праз свае запатрабаванні грамадства стымулюе развіццё усёй эканомікі, навукі і культуры. Усё гэта дазваляе казаць аб надзвычайнай актуальнасці абранай тэмы.

Унікальнасць дадзенай навуковай працы палягае ў яе навукова-практычным характары, у непасрэдным дыялогу паміж экспертамі мінулага (гісторыкамі) і сучаснасці (працаўнікамі гандлю). Гэта першая спроба ў Беларусі злучыць акадэмічную гістарычную навуку з запатрабаваннямі сучаснай эканомікі, а не палітыкі. Можна сказаць, што абраная тэма даследавання прадыктавана запатрабаваннямі жыцця.

Удзел у працы над манаграфіяй бяруць 23 беларускія даследчыкі з розных галінаў гуманітарных ведаў, сярод іх: 6 дактароў і 14 кандыдатаў навук. Кіруе навуковым калектывам доктар гістарычных навук, прафесар Захар Шыбека.

У падтрымку працы над манаграфіяй Цэнтрам вывучэння гісторыі гандлю быў праведзены шэраг навуковых мерапрыестваў: дзве навукова-практычныя канферэнцыі “Гісторыя гандлю ў Беларусі” (2013 г., 2015 г.), міжнародны воркшоп “Крыніцы гісторыі гандлю ў Беларусі” (2014 г.), чатыры навуковыя сесіі аўтарскага калектыва манаграфіі.

Па выніках праведзеных мерапрыемстваў былі апублікаваныя навуковыя выданні, прысвечаныя разнастайным пытанням гісторыі гандлю.

Выпуск манаграфіі чакаецца ў 2018 г.